Конкурс заявак на канферэнцыю:
(Пера)асэнсоўваючы гвалт: новыя канфігурацыі гісторыі, памяці і сучаснасці ў беларускім і суседніх грамадствах
Берлін, 9 – 11 лістапада 2023 г.
У выніку масавых антыаўтарытарных пратэстаў 2020 года і працяглых рэпрэсій у Беларусі, а таксама ў сувязі з паўнамаштабным нападам Расіі на Украіну адбываецца пераацэнка гісторыі і пераасэнсаванне гістарычнай памяці ў рэгіёне. Пераканфігурацыя адносін паміж дзяржавай і грамадствам, шырокае прымяненне фізічнага гвалту і ваеннай агрэсіі супраць грамадзянскіх асоб, а таксама радыкалізацыя гістарычнага рэвізіянізму патрабуюць нашай увагі, асэнсавання і прамой камунікацыі. Мы прапануем абмеркаваць розныя феномены, звязаныя як з гістарычнымі каранямі рэпрэсіўных рэжымаў, так і з выкарыстаннем гвалту з боку дзяржаў, супольнасцей або індывідуальных асоб у больш шырокім сэнсе ў рэгіёне ў цэлым. Наша мэта – стварыць прастору для абмеркавання новых аналітычных падыходаў і развіцця прадуктыўных форм абмену і кааперацыі паміж даследчыкамі і актывістамі з розных краін і супольнасцей.
Вайна Расіі ва Украіне адзначаецца спробай легітымацыі праз скажонае гістарычнае апісанне, якое грунтуецца на савецкіх патэрнах. Яна суправаджаецца агрэсіўнай палітычнай мабілізацыяй унутры Расіі і выклікае шок маштабамі разбурэння грамадзянскай інфраструктуры і цынічным стаўленнем да мірнага насельніцтва ва Украіне. Гэты крызіс стаў найбольш маштабным у Еўропе пасля Другой сусветнай вайны, у тым ліку па колькасці бежанцаў, якія патрапілі ў Еўрапейскі саюз падчас шэрагу крызісаў 2010-х гадоў.
Масавыя пратэсты 2020 года ў Беларусі і аўтарытарны гвалт пасля іх змусілі значную частку беларускай грамадзянскай супольнасці на эміграцыю і выгнанне. Беларуская дыяспара, згуртаваная ў Польшчы, Літве, Украіне, Грузіі і іншых краінах, актыўна імкнецца працягнуць хаця б частку працы многіх перамешчаных ініцыятыў. Унутры краіны палітычныя, юрыдычныя і паліцэйскія сілы намагаюцца знішчыць усю інфраструктуру грамадзянскіх ініцыятыў і прывесці беларускую унутраную і знешнюю палітыку ў адпаведнасць з расійскай. Спынена развіццё дыферыянцаванай гістарычнай памяці. Аўтарытарны рэжым Беларусі стаў актыўным удзельнікам ваеннай агрэсіі Расіі ў адносінах да Украіны.
Вобраз мінулага трансфармуецца не толькі ў Беларусі, Украіне і Расіі, але і ў іншых краінах рэгіёна, на якія ўплываюць бягучыя падзеі. У выніку гвалту і вайны мы назіраем рэзкую змену палітычнага статус-кво і разрыў многіх сувязяў і сетак, якія раней існавалі ўнутры рэгіёна. Лініі падзелу ўзнікаюць і ствараюць новыя праблемы, якія патрабуюць ад нас ацэнкі не толькі магчымасці неаўтарытарнай будучыні шэрагу краін, але і новых спосабаў інтэрпрэтацыі сучаснага і мінулага.
У рамках канферэнцыі мы хацелі б абмеркаваць наступныя пытанні:
- Ці існуе кантынуітэт гвалту?
У нашых спробах растлумачыць і зразумець сучаснасць мы часта праводзім паралелі з падзеямі ў мінулым. Але: ці дае нашае разуменне савецкага мінулага і выкарыстання дзяржаўнага і палітычнага гвалту ў XX стагоддзі карысную аснову для аналізу аўтарытарных рэжымаў рэгіёна, уключаючы Беларусь? Ці прапануюць рамкі «імперскай гісторыі» і «посткаланіялізму» карысныя інструменты для тлумачэння новых і нядаўніх формаў мілітарызацыі, ваеннай экспансіі і вядзення вайны?
- Ці спрыяе сучасны момант новым рэфлексіям аб XX стагоддзі як аб перыядзе скрайняга гвалту?
У палітычным сэнсе значэнне аналізу генацыдаў сёння зноў з'яўляецца актуальнай тэмай, у тым ліку з-за вайны Расіі ва Украіне, падчас якой ажыццяўляецца генацыдальная палітыка. Адначасова канцэпцыю генацыду, а таксама спадчыну Другой сусветнай вайны інструменталізуюць, імі злоўжываюць аўтарытарныя і/або правыя ўрады краін рэгіёну для вылучэння ўзаемных прэтэнзій і перагляду геапалітычнага парадку, усталяванага пасля Другой сусветнай вайны. Наколькі сёння спадчына сталінізму і нацызму ўплывае на ўспрыманне таго, што адбываецца, або рэпрэзентацыі мінулага і сучаснага мяняюцца ў святле сучасных тэндэнцый і падзей?
Якія выклікі працы ў сферы памяці ў гэтым рэгіёне?
Нароўні з неабходнасцю абароны архіваў у Беларусі і Украіне вучоныя сутыкаюцца з новымі перашкодамі пры правядзенні вуснагістарычных інтэрв'ю ў экстрэмальных умовах. Як мы можам задакументаваць цяперашнія траўмутычныя падзеі і перажыванні, асабліва ўлічваючы ролю лічбавых тэхналогій? У той жа час мы можам назіраць відавочны крызіс крытычных даследаванняў гістарычнай памяці ў краінах, якія кіруюцца як старымі, так і новымі аўтарытарнымі рэжымамі. Ці могуць мадэлі памяці і дакументавання гістарычнай траўмы, якія былі інстытуцыяналізаваны паміж канцом 1980-х і пачаткам 1990-х гадоў, служыць для апісання і аналізу бягучага досведу?
Якія новыя штодзённыя культурныя, палітычныя ці іншыя практыкі, якія з'яўляюцца вынікам досведу гвалту і вайны, мы можам назіраць у рэгіёне?
Як навукоўцы могуць дакументаваць змены ў паўсядзённым жыцці людзей і груп, якія зазнаюць аўтарытарны і ваенны гвалт і якія знаходзяцца ў працяглым моманце крызісу? Як мы можам архіваваць досвед уцекачоў і перамешчаных асоб? Якія формы адаптацыі мы можам назіраць у розных грамадствах? Якія наступствы вымушанай эміграцыі і выгнання вялікай колькасці гісторыкаў і іх барацьбы за інтэграцыю ў новыя акадэмічныя ландшафты ў навуковых сетках?
Канферэнцыя стане прасторай для абмеркавання гэтых і іншых пытанняў. Галоўнай мэтай з'яўляецца асэнсаванне ролі наяўнай сітуацыі ў неабходнасці стварэння новых гістарычных наратываў у рэгіёне.
Мы вітаем удзел прадстаўнікоў усіх дысцыплін і таксама заахвочваем матэрыялы па сумежных пытаннях і праблемах, калі яны маюць дачыненне да агульных тэм, апісаных вышэй.
Рабочыя мовы канферэнцыі – беларуская і англійская.
Арганізатары забяспечваюць пражыванне і харчаванне падчас канферэнцыі, выдаткі на праезд пры немагчымасці іх пакрыцця ўдзельнікамі з іншых крыніц кампенсуюцца ў індывідуальным парадку па папярэдняй дамоўленасці з арганізатарамі.
Калі ласка, дасылайце назву вашага даклада, кароткую анатацыю (200 слоў), а таксама інфармацыю пра вашу інстытуцыйную прыналежнасць, статус і мову, на якой вы будзеце выступаць, да 31 мая 2023 г. па адрасе: belarus.forum@dgo-online.org
Паведамленні аб прыёме да ўдзелу будуць разасланыя ў ліпені.
Арганізацыйны камітэт: Фелікс Акерман, Алеся Белановіч-Пэтц, Аляксей Братачкін, Аніка Вальке, Ірына Кашталян, Ірына Раманава
У партнёрстве з:
FernUniversität Hagen
Universität Bremen
Washington University in St. Louis
Форум гістарычных даследаванняў Беларусі – праект Нямецкага таварыства па вывучэнні Усходняй Еўропы і платформа для прэзентацыі актуальных даследаванняў па гісторыі Беларусі ў міжнацыянальным кантэксце.